Shkolyar

Последние комментарии

Главная

Прыёмная прэзідэнта: Музей дзяржаўнасці адкрыты! Але не для ўсіх

Картинка анонса: 

Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці будзе адкрыты "для ўсіх" толькі 20 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень споўніцца 18 гадоў прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

"Музей афіцыйна адкрываецца, але гэта не значыць, што ён адкрыты для ўсіх наведвальнікаў. І не варта верыць усяму, што пішуць у СМІ!" - загадваюць загадкі ў прыёмнай прэзідэнта, калі я паспрабавала патрапіць у Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

"Вы зразумейце музей, бо гэта ж яго твар! Ён (!) паглядзеў, як там, зацвердзіў канцэпцыю. Пакуль ідуць працэсы падрыхтоўкі", - кажуць карэспандэнту Еўрарадыё ў прыёмнай.

Гэта дзіўна, таму што на адкрыцці музея кіраўнік дзяржавы даручае зрабіць музей агульнадаступным:

"Гэта значыць дэмакратычна сюды не патрапіш? Прыехаў, іду міма, бачу - музей. Захацеў зайсці - не зойдзеш. Даступнасць - пытанне нумар адзін. Мы гэты музей стварылі не дзеля таго, каб прыйсці і самім глядзець. Таму тут павінна быць максімальная адкрытасць. Калі чалавек у любы момант можа патрапіць сюды - добра. Гэта галоўнае", - кажа на адкрыцці музея Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта так, як сказаў прэзідэнт, раблю і я. Іду міма рэзідэнцыі - бачу музей. Дай, думаю, зайду, як звычайны чалавек. Супрацоўнік службы бяспекі спыняе мяне ўжо на прыступках і папулярна тлумачыць, што "музей не працуе".

"Нельга ў музей, музей зачынены, яшчэ туды не пускаюць, я вам так скажу", - кажа мне дзяжурны скрозь шум ветру і віск "цыркуляркі" на даху суседняй з Адміністрацыяй прэзідэнта гасцініцы.

Я літаральна малю ахоўніка прапусціць мяне ў будынак! Ён вельмі цярплівы і раз дзесяць паўтарае, што музей "за-кры-ты":

"Вы зразумейце, я чалавек маленькі, у мяне загад - музей закрыты!".

Па тлумачэнні, чаму ўсё ж такі музей не працуе, звяртаюся ў прыёмную прэзідэнта. Але і тут супрацоўнікі нічым дапамагчы мне не могуць і нават не здагадваюцца, калі ўстанову адкрыюць "для ўсіх".

"Супрацоўнікаў штата, у тым ліку і супрацоўнікаў дзяржбяспекі, пакуль няма, там не працуе яшчэ нічога", - адказ з прыёмнай прэзідэнта. І нават скардзяцца, што "самі яшчэ не былі ў музеі".

Скарджуся і я, што пра адкрыццё "ўнікальнага музея" казалі ў афіцыйных СМІ тыдзень таму. На што супрацоўнік адміністрацыі пярэчыць: "Не трэба верыць усяму, што пішуць".

Але ў Нацыянальным гістарычным музеі, філіялам якога фармальна лічыцца Музей сучаснай дзяржаўнасці, журналісту Еўрарадыё кажуць, што ... музей працуе. Праўда, экскурсіі пакуль туды не водзяць - не вырашаныя ўсе тэхнічныя пытанні:

"Будынак яшчэ не здадзены, гэта адбудзецца пасля 20 ліпеня, тады ўжо будуць прапускацца арганізаваныя групы", - распавядае Еўрарадыё намеснік дырэктара музея па навуковай працы Ніна Калымага.

І рэжым пропуску ў музей адрозніваецца ад анансаванага "ішоў, убачыў, наведаў":

"Экскурсіі будуць праходзіць арганізавана па 12 чалавек. Трэба будзе падаць заяўку да нас, у Нацыянальны гістарычны музей, на Карла Маркса, 12. Адміністратар будзе весці запіс, потым гэтыя спісы за дзён дзесяць будуць падавацца ў службу бяспекі. Хто праходзіць, той праходзіць. А хто не - той не".

Источник: 21.by